Ушацкі рэгіён.Сялянская хата.

У цяперашні час наш музей зачынены на капітальны рамонт, але для наведвальнікаў мы арганізуем экскурсіі на мемарыяльны комплекс “Прарыў”, у сядзібу-музей Васіля Быкава. А зусім нядаўна ў былым будынку Дома рамёстваў адкрылі новую экспазіцыю “Ушацкі рэгіён.Сялянская хата” , якая адлюстроўвае этнаграфічныя асаблівасці рэгіёну канца ХІХ першай трэці ХХ ст. і складаецца з трох разделаў:
Раздел 1. Сенцы – памяшканне для захавання цяпла ў цёплай хаце звычайна ў выглядзе зрубнага трысцена, які далучаўся да хаты пры дапамозе двух шулаў. У сенцах стаялі гаспадарчыя прылады (жорны, часам жывёла, аднак пэўнага гаспадарчага прызначэння сенцы не мелі.
Раздел 2. Камора (Клець) – традыцыйная сялянская гаспадарчая пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, бытавых рэчаў. Каля сцяны клеці рабілі спецыяльна засеку для збожжа. Часта ў клеці ставілі ложак, на якім да замаразкаў спалі. Каля засекі стаялі бочкі, саламяныя карабы з зернем, мукой. Тут захоўвалі кубельцы з салам, бочачкі з квасам і іншым пітвом.
На Ушаччыне клеці захаваліся ў большасці хат і да нашага часу, але страцілі свае першапачатковыя функцыі, звычайна зараз у іх складваюцца гаспадарчыя прылады ці паліва.
Раздзел 3.“Сялянская хата” ўнутраная прастора, функцыянальна і эстэтычна арганізаваная. Яна раскрывае шырокую панараму народнага жыцця, яго паўсядзённы лад і рытм. Разнастайныя рэчы хатняга ўжытку, начынне, падсобны інвентар, мэбля, тканіны, харчовыя прыпасы займалі ў сістэме інтэр’ера хаты сваё звыклае, уласцівае ім месца, размяшчаліся ў пэўнай паслядоўнасці і парадку, утвараючы пэўную функцыянальную і кампазіцыйную ўзаемасувязь.
Хата мела высокі парог і нізкія дзверы, што спрыяла захаванню цяпла ў зімовы час. Падлога ўяўляла сабой глінабітны ці земляны ток, на які летам у святочныя дні слалі аер. У больш заможных сялян падлога была выслана драўлянымі дошкамі.
Печ размяшчалася справа, радзей злева каля ўвахода. У вугле каля яе знаходзіўся качарэжнік – месца, дзе стаялі вілкі для гаршчкоў, качарга, чапяла, памяло, мяцёлка і інш. Над вусцем печы, пад столлю, замацоўвалася жэрдка (перасоўка), на якой сушылі адзенне, тканіну.
Супраць печы каля ўвахода размяшчаўся гаспадарчы кут (“бабін кут”), дзе каля дзвярэй стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве – драўляныя вёдры, даёнка, карцы, апалушкі, сальніца, бельчык і інш. Над лавай на сцяне вісела кухонная паліца з посудам, побач – лыжачнік (драўляная планка з гнёздамі для лыжак). Каля самых дзвярэй на круку вісела паўсядзённая верхняя вопратка (світка, кажух, курта).
Частку памяшкання ад тарцовай (кутняй) сцяны займаў спальны памост – пол, тут ляжалі матрац (сяннік), пуховыя падушкі, посцілкі.
Ніжэй вокнаў уздоўж сцен (амаль па ўсёй даўжыні іх) уладкоўвалі шырокія лавы, якія сходзіліся на покуці. Яны служылі за сто гадоў і былі для беларусаў свайго роду сямейнай рэліквіяй. У час наваселля лавы ўрачыста пераносілі са старой хаты ў новую. Яны пакідаліся ў старой хаце ў тым выпадку, калі на іх паміраў хтосьці з членаў сям’і. На скрыжаванні лаў, на покуці, ставілі хлебную дзяжу, прыкрытую чыстым ручніком – сімвал дастатку і дабрабыту.
Покуць (красны кут) – найбольш шаноўнае месца ў хаце, асвечанае ўстойлівай традыцыяй духоўнага жыцця. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў. Нярэдка абразы памяшчалі ў бажніцу, зробленую ў выглядзе драўлянай шафкі. Найбольш устойлівая сувязь у структуры інтэр’ера – размяшчэнне покуці па дыяганалі ад печы. Гэты звычай быў уласцівы ўсім усходнеславянскім народам і адпавядаў народным уяўленням пра структуру сусвету. Покуць сімвалічна атаясамлівалася з усходам і поўднем, у той час як процілеглы кут (дзе стаяла печ)– з захадам і поўначчу.
На покуці стаяў засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком ці абрусам. За абедам у будні дзень абрус здымалі, і ўся сям"я садзілася за стол, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці:на покуці – гаспадар дома, за ім – па старшынстве іншыя члены сям’і.
Сярод мэблі, апрача лаў, палічак, кутняга стала, шырока ўжываліся ўслоны, зэдлікі, архаічныя табурэты (у форме куба), дзіцячыя стойкі, хадуны уласцівыя той ці іншай мясцовасці формы калысак.
У зімовы час сялянская хата ператваралася ў рамесную майстэрню. Тут у кароткія дні і па вечарах пры святле лучніка ці каганца рабілі ложкі і посуд, плялі лапці і розныя ёмістасці, майстравалі прылады, пралі, ткалі, шылі адзенне, вышывалі, вязалі. Ля кутняй сцяны ці бліжэй да парога, паміж покуццю і «бабіным кутом», ставілі кросны для ткацтва.