Виртуальная экскурсия "Усадьба-музей В.Быкова"

“Сядзіба-музей В. У. Быкава” заснавана на радзіме народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна паводле рашэння Ушацкага раённага Савета дэпутатаў ад 19.02.2004 года і распараджэння Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 01.03.2004 года. Адкрыта для наведвальнікаў 18.06.2004 года. З’яўляецца філіялам Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка.
Хата, у якой жыў будучы пісьменнік разам з бацькамі, сястрой і братам, была ўзведзена ў 1933 годзе. Будаваў яе некалькі гадоў бацька Уладзімір Хведаравіч Быкаў. У новую хату сям’я перайшла жыць, калі яна была яшчэ недабудаванай. Першыя гады падлога была земляная, потым – вымашчаная спецыяльнай чырвонай цэглай. Хаціна невялікая, уяўляла сабой сенцы ды адзін пакой, падзелены перагародкай на кухню і жылы пакой. Справа ад дзвярэй была складзена вялікая печ. Гаспадарчыя пабудовы ля жытла – хлеў, гумно. Праз дарогу раскінуўся сад, пасаджаны бацькам Васіля Быкава. З цягам часу сядзіба разбурылася, у хаце праваліліся столь і падлога, у дрэнным стане апынулася печ.
Музей размешчаны ў адноўленай сядзібе сям’і Быкавых. На тэрыторыі сядзібы – хата, хлеў, гумно, дрэвы. Хата-новабудоўля – копія былога жытла, узведзена з новых матэрыялаў, агульны яе метраж – 42 квадратныя метры. Фундамент пад хатай зроблены вышэйшым за ранейшы, таму пабудаваны ганак.Вышэйшай стала столь. У хаціне адноўлены былы інтэр’ер, прадстаўлена этнаграфічна-бытавая экспазіцыя, дзе маюцца рэчы, якія належалі сям’і. У экспазіцыі музея знаходзяцца дакументы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі знакамітых асоб, кнігі і часопісы з творамі В.У. Быкава, копіі малюнкаў і асабістыя рэчы народнага пісьменніка.
На месцы знесеных хлява і гумна ўзведзены фундаменты, якіх раней не было, пастаўлены новыя зрубы. Не было агароджы – цяпер яна вакол усёй сядзібы.
Арыгінальныя экспанаты сядзібы-музея, якія бачылі Васіля Быкава: дзве табурэткі, начоўкі, заслонка для печы, ручкі ў дзвярах, качарга, абраз Божай Маці, партрэт творцы ваеннага часу, жорны, калаўрот; ля хаты дуб і клён, праз дарогу дзікі садзік – кусты ды некалькі яблынь.
Фіранкі-выцінанкі для музея ўзнаўляла родная сястра слыннага празаіка Валянціна Уладзіміраўна. Старыя рэчы для быкаўскай хаты збірала ўся вёска Бычкі.