Выстава да Дня беларускага пісьменства

Ў скверы г.п. Ушачы прайшло свята «Гучы, роднае слова!», прысвечанае Дню беларускага пісьменства. Арганізатары раённага свята – народны клуб творчых сустрэч «Муза» цэнтра культуры і народнай творчасці, раённая бібліятэка імя Е.Лось і музей народнай славы імя У.Е. Лабанка ставілі сваёй мэтай расказаць пра знакамітых беларусаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё пісьменнасці і кнігадрукавання. Складана назваць беларускі рэгіён, які даў айчыннай і сусветнай культуры столькі яркіх імёнаў. Ушацкія творцы Фелікс Тапчэўскі і Арцём Вярыга-Дарэўскі праслаўлялі малую радзіму яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, ну а дваццатае стагоддзе адзначылася цэлым зорным россыпам: Пятрусь Броўка і Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Еўдакія Лось, Алег Салтук і Сяргей Законнікаў – гэтыя і іншыя нашы літаратары прыкметна ўзбагацілі беларускую творчую Ніву.
Гледачамі свята сталі ушачане рознага ўзросту. Супрацоўнікамі музея была аформлена выстава з фондавых матэрыялаў: фатаграфіі, дакументы, рукапісы, кнігі з аўтографамі аўтараў, падораныя музею Петруся Броўкі, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Еўдакіі Лось. Найбольшую цікавасць у навучэнцаў Ушацкай сярэдняй школы выклікалі матэрыялы пра Рыгора Барадуліна, выпускніка школы. Яны з цікаўнасцю разглядалі рэдкія фатаграфіі Барадуліна, жыва абмяркоўвалі подпісы на адной з кніг «Ушацкаму музею ад ушацкага мальца». «Бачыце, у нашых месцах і раней ўжывалі гэта зварот, і зараз таксама многія кажуць «Малец!» Асаблівую цікавасць выклікаў часопіс «Першыя крокі» літаратурнага гуртка Ушацкай школы 1953 г., менавіта ў ім Рыгор Барадулін апублікаваў свае першыя вершы, пад псеўданімам Алесь Чабор. Карэспандэнта раённай газеты Наталлю Багдановіч чакаў прыемны сюрпрыз, калі за шклом вітрыны яна ўпершыню ўбачыла фатаграфію 1954 г. свайго дзеда Фадзея Францавіча Багдановіча, любімага настаўніка беларускай мовы і літаратуры Р. Барадуліна. Вучні прызналіся, што беларускую літаратуру лічаць адным з любімых прадметаў, бо іх настаўніца Вера Васільеўна Спірчонак заўсёды стварае на ўроках цікавую і творчую атмасферу. Для многіх наведвальнікаў свята стала сапраўдным адкрыццём, што Пятрусь Броўка на світанку сваёй творчай дзейнасці пераймаў Уладзіміру Маякоўскаму. Хтосьці захапляўся прыгажосцю Еўдакіі Лось і шкадаваў аб тым, што пражыла яна вельмі кароткае жыццё. А васьмікласнікі ніяк не маглі паверыць у тое, што перад імі ляжыць аповесць Васіля Быкава «Знак бяды», перакладзеная на англійскую мову.
На свяце гучалі вершы, гумарэскі, песні на беларускай мове ў выкананні самадзейных артыстаў і мясцовых паэтаў.
Выканаўца ролі святога Лаўрэна, заступнік бібліятэкараў і пекараў, Кірыл Шалыга выказаў агульнае меркаванне ўсіх удзельнікаў раённага свята: «Пагарджаць родную мову – гэта тое ж, што цурацца сваіх бацькоў, зневажаць родную зямлю».

1112